Дзень Волі на плошчы Каліноўскага
Святкаванне Дня Волі адбудзецца 25 сакавіка, у 12.00 на плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай) у Менску.
Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі абвясцілі сябры аргкамітэта па святкаванні Дня Волі: лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алесь Стральцоў і намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык. “25 сакавіка беларускі народ выступіць у падтрымку незалежнасці Беларусі і заявіць пра неабходнасць дэмакратычных пераменаў у нашай краіне. Мы падтрымліваем прапановы Еўрапейскага Звяза ўладам і народу Беларусі і паўтараем, што яны стануць рэальнасцю пры ўмове выканання крокаў у бок дэмакратыі. І адзін з такіх крокаў – дазвол святкавання нацыянальнага свята Беларусі ў цэнтры горада. Мы спадзяемся, што ўлады дазволяць людзям сабрацца на плошчы”, – гаворыцца ў заяве аргкамітэта па святкаванні Дня Волі.
“25 сакавіка мы выйдзем на плошчу Каліноўскага, бо мы абавязаныя там быць. Я ўпэўнены, што Дзень Волі стане дзяржаўным святам, і таму мы прапанавалі ўладам адсвяткаваць яго разам. Беларускім уладам сёння неабходна зразумець, што ва ўмовах відавочнага крызісу ў краіне, трэба шукаць узаемаразуменне, каб захаваць незалежнасць краіны. Я заклікаю ўсіх прыйсці на плошчу Каліноўскага. Гэта будзе выключна мірная акцыя, гэта будзе святкаванне Дня Волі”, – заявіў на прэс-канферэнцыі лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч.
Актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алесь Стральцоў заявіў, што 25 сакавіка дэмакраты не пойдуць на плошчу Бангалор, дзе гарадскія ўлады прапанавалі правесці мітынг. “25 сакавіка мы выйдзем на плошчу Каліноўскага. На плошчу Бангалор ніхто не пойдзе. Пасля леташніх заваёў – гэта немагчыма”, – заявіў Алесь Стральцоў.
Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык нагадаў пра асноўныя ўмовы, выкананя якіх патрабуе сёння Еўрапейскі Звяз у абмен на сур’ёзную эканамічную дапамогу Беларусі. Гэта вызваленне палітвязняў, правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў, забеспячэнне свабоды слова і свабоды сходаў.
Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што рашэнне выйсці на плошчу Каліноўскага падтрымліваюць усе дэмакратычныя сілы краіны.
“Гэта наша агульная пазіцыя – 25 сакавіка выйсці на плошчу Каліноўскага. Сёння краіна можа атрымаць сур’ёзную дапамогу ад Еўразвяза, але ў адказ улады павінны зрабіць пэўныя і вызначаныя крокі ў бок дэмакратыі. Беларускае грамадства павінна аб’яднацца вакол такіх каштоўнасцяў, як свабода і незалежнасць. І 25 сакавіка дае такую магчымасць”, – заявіў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка.