У Беларусі павялічана фінансавая дапамога для перасяленцаў-беспрацоўных з праблемных малых гарадоў
У мэтах забеспячэння працанедастатковых рэгіёнаў неабходнымі кадрамі ўзмоцнены меры эканамічнага стымулявання беспрацоўных да пераезду на новае месца жыхарства і работы. Аб гэтым паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення праграм садзейнічання занятасці галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Усава.
Яна адзначыла, што ў Інструкцыю аб парадку і ўмовах перасялення беспрацоўных па накіраваннях дзяржаўнай службы занятасці Рэспублікі Беларусь унесены змяненні і дапаўненні. Пастановай Мінпрацы і сацабароны нумар 12 павялічаны памеры матэрыяльнай дапамогі перасяленцам з малых і сярэдніх гарадоў з высокай напружанасцю на рынку працы.
"Размова ідзе аб 29 рэгіёнах, уключаных у Дзяржаўную праграму садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2007 год, а таксама аб 13 населеных пунктах, якія фігуруюць у абласных праграмах занятасці", - сказала субяседніца. Так, у "гарачым" спісе дзяржпраграмы - гарады Ганцавічы, Мікашэвічы, Бяроза, Белаазерск, Іванава (Брэсцкая вобласць); гарады Паставы, Новалукомль, гарадскія пасёлкі Копысь, Арэхаўск, Барань Аршанскага раёна (Віцебская вобласць); гарады Добруш, Жыткавічы, Рагачоў, Васілевічы, г.п.Акцябрскі (Гомельская вобласць); гарады Масты, Скідзель, Бярозаўка, г.п.Свіслач (Гродзенская вобласць); гарадскія пасёлкі Урэчча, Гарадзея, Плешчаніцы (Мінская вобласць); гарадскія пасёлкі Краснаполле, Хоцімск, Глуск, Бялынічы, гарады Слаўгарад, Кіраўск, рабочы пасёлак Глуша (Магілёўская вобласць).
"Цяпер беспрацоўнаму жыхару праблемных малых і сярэдніх гарадоў пры перасяленні будзе выплачвацца адначасовая дапамога ў памеры 7 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, а не 5, як астатнім беспрацоўным, якія перасяляюцца, - адзначыла Алена Усава. - Павелічэнне фінансавай дапамогі ў памеры двухразовай велічыні БПМ (цяпер - на Вr341 тыс.) будзе дадатковым стымулам для перасялення на новае месца жыхарства і работы. Прычым выплата гэтых 2 БПМ датычыцца кожнага беспрацоўнага члена сям'і, што перасяляецца. Напрыклад, калі і муж і жонка маюць статус беспрацоўнага, то прыбаўка складзе Вr682 тыс.".
Для тых беспрацоўных, якія жывуць у населеных пунктах, не ўключаных у пералік тэрыторый з найбольш вострай сітуацыяй на рынку працы, памер фінансавай дапамогі застанецца ранейшым - пасля заключэння дагавора тэрмінам на адзін год беспрацоўны атрымлівае адначасовую дапамогу ў памеры пяціразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. Незалежна ад месца пражывання перасяленцаў выдзяляецца дапамога ў памеры яшчэ аднаго БПМ на кожнага члена сям'і, якая перасяляецца.
Акрамя таго, нагадала Алена Усава, за сродкі службы занятасці беспрацоўных камандзіруюць да магчымага будучага наймальніка для азнаямлення з новым месцам жыхарства і работы. Кампенсуюцца таксама расходы на пераезд (аплата кошту праезду, перавозкі маёмасці, сутачныя за час знаходжання ў шляху).
Паводле слоў спецыяліста, у рэспубліканскім банку даных аб наяўнасці вакансій і свабоднага жылля на 1 сакавіка бягучага года налічвалася амаль 2,1 тыс. свабодных рабочых месц. Заяўкі паступілі больш як ад 350 арганізацый Беларусі (пераважна аграпрамысловых), якія гатовы прыняць на работу перасяленцаў і забяспечыць іх жыллём розных спажывецкіх якасцей.
Перасяленне сем'яў беспрацоўных - эфектыўны спосаб пераразмеркавання рабочай сілы на лакальных рынках працы, падкрэсліла спецыяліст. У мінулым годзе на новае месца работы і жыхарства пераехалі 380 сем'яў, з іх 378 - па маршруце "вёска-вёска" і "горад-вёска", з сельскай мясцовасці ў гарадскую мясцовасць перасяліліся 2 сям'і беспрацоўных. У студзені-лютым бягучага года пры садзейнічанні дзяржаўнай службы занятасці прапіску змянілі 29 сем'яў беспрацоўных.-0-